Прагулка з Флагштокам: як жыве Чарнігаў пасля расейскага нападу

| Палітыка

У 2021 годзе рэдакцыя Флагштока знаходзілася ў Чарнігаве. Тады горад здзіўляў сучасным добраўпарадкаваннем і шпаркімі тэмпамі пабудовы гарадской інфраструктуры. Зараз жа нашыя журналісты вярнуліся ў Чарнігаў, каб паглядзець, як змяніўся горад пасля расейскага ўварвання з тэрыторыі Беларусі.

Прыязджаючы ў Чарнігаў ранішнім цягніком цяжка заўважыць прыкметы нядаўніх баявых дзеянняў. Хіба адзінкавыя абгарэлыя карпусы легкавікоў гавораць аб трагічных спробах эвакуацыі грамадзян з блакаднага горада.

На вакзале хуткая і карэктная праверка дакументаў. На Прывакзальнай плошчы звыклая для гамяльчаніна карціна — маршруткі, тралейбусы, гандаль. У горад ужо паспелі павярнуцца тысячы жыхароў. Падчас расейскага наступу і частковага акружэння выехала каля траціны насельніцтва 300-тысячнага Чарнігава. 



Па цэнтры курсуюць тралейбусы



На прыпынках шматлюдна



Ідзе вулічны гандаль



Камунальнікі спраўляюцца з абслугоўваннем горада — смецце прыбіраецца, газоны даглядаюцца, сезоннае азеляненне ў кадках выстаўлена на вуліцах. Усё як і мінулыя мірныя гады  



Пра вайну нагадваюць сляды гусеніц на асфальце



Ды вокны, перацягнутыя скотчам крыжыкамі



Каля машыны «хуткай дапамогі» выбудавалася вялікая чарга — гэта раздача гуманітарнай дапамогі для гараджан



На рынку, які добра вядомы гамяльчанам, як і раней шматлюдна



Але адзін паварот не туды, і можна пабачыць суцэльна выпаленыя гандлёвыя шэрагі. Гэта вынік ад трапляння ракеты ў сакавіку 



Тады ж у будынку Галоўпаштампу выбуховай хваляй вынесла вокны і дзверы



Вынік удару 12 сакавіка



Тады сярод ночы расейскія войскі ракетным ударам знеслі тры паверхі бязлюднай гасцініцы «Украіна»

 


Ударная хваля знесла дах і вынесла вокны ў старой сядзібе, дзе месцілася бібліятэка — 10 сакавіка побач упалі звышмагутныя бомбы



Вынік трапляння авіяцыйнай ракеты па 17-павярховым жылым доме



Зараз будаўнікі спрабуюць аднавіць шматпавярховік



Панэльны дом побач, які таксама апынуўся пад авіяцыйным ударам у той дзень, часткова абрынуўся. Цяпер ён не падлягае аднаўленню

 


Падчас расейскага ракетнага ўдару 3 сакавіка загінулі 47 жыхароў гэтых дамоў, 18 атрымалі раненні



У лякарні побач выбухная хваля вынесла ўсе вокны

Калі цэнтр Чарнігава зазнаў руйнаванні кропкавымі ракетна-бомбавымі ўдарамі, то ўскраіны Чарнігава патрапілі пад агонь «градаў» і танкаў. Усю першую палову сакавіка 2022 года расейскія войскі спрабавалі прарвацца ў горад. Цяпер там найбольшыя руйнаванні.

 


Інтэрнат на паўночным уездзе ў Чарнігаў. Расейскія войскі спрабавалі ўвайсці ў горад па трасе Гомель–Чарнігаў «з хады». Тады Узброеныя сілы Украіны і сілы тэрабароны не ўпусцілі ворага ў горад. Зараз будынак інтэрнату не падлягае аднаўленню



Усходняя ўскраіна Чарнігава, раён Бабровіца. Яе штурмавалі расейскія войскі, якія прыйшлі праз памежны пераход, дзе знаходзіцца манумент «Тры сястры», прысвечаны сяброўству славянскіх народаў.  Падчас штурма войскі прасунуліся на кіламетр за гарадскую рысу, але зазналі супраціў і былі выбітыя. У выніку баёў былі зруйнаваныя шматлікія сядзібныя дамы.



Маласямейка на Бабровіцы моцна пацярпела падчас штурму, але тут зараз жывуць людзі. 



Гораду наўпрост няма куды перасяліць некалькі тысяч гараджан, якія страцілі жытло на працягу месяца



 У доме адсутнічаюць камунікацыі



А з харчаваннем людзям дапамагаюць валанцёры




Флагшток паспеў агледзіць толькі малую частку гораду, якая патрапіла пад «вызваленчы» агонь расейскай арміі. Уяўленне пра маштаб руйнаванняў можа даць геаграфія пажараў за 30 дзён — з 24 лютага па 25 сакавіка.



Геаграфія пажараў з 24 лютага па 25 сакавіка 2022 года па дадзеных сервіса FIRMS ад NASA


Падчас штурму і аблогі Чарнігава загінула болей як 700 чалавек, з іх 70 засталіся неапазнанымі. Яшчэ каля 100 гараджанаў зніклі без вестак. 


Раней Флагшток рабіў экскурсію па даваенным Чарнігаве.

Як да вайны Чарнігаў стаў адным з найлепшых гарадоў Украіны і абышоў шматлікія гарады Беларусі

Раней Чарнігаў быў вядомы беларусам, як месца аднадзённага шопінгу, дзе можна закупіцца цукеркамі і гарэлкай. Але да вайны горад моцна змяніўся, а па сваім добраўпарадкаванні абышоў шматлікія гарады Беларусі.