Ад праваслаўнай кнігі і «распятага апалчэнца» да «Бацькі Бандэры». Топ-10 рашэнняў гомельскіх судоў аб «экстрэмізме»

| Политика

Чарговае рашэнне па прызнанні «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 23 лістапада прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля. На гэты раз абвешчана «экстрэмісцкай» суполка ў «Аднакласніках» «БМЗ — Наша Жизнь», якая аб'ядноўвае металургаў Жлобіна і распавядае пра навіны прадпрыемства.

Гэта стала нагодай, каб прааналізаваць, калі і што гомельскія суды прызнавалі «экстрэмізмам». Флагшток даследваў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» і высветліў, што суды Гомельшчыны прымалі адпаведныя рашэнні звыш 160 разоў. Масавымі такія рашэнні сталі з пачаткам пратэстаў пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Але ў спісе ёсць рашэнні і з 2016 года, калі такія судовыя працэсы былі яшчэ адзінкавымі.




У асноўным, у той час экстрэмісцкай прызнавалася прадукцыя паслядоўнікаў нацыстаў, расійскіх скінхэдаў, але ёсць і іншыя прыклады. У прыватнасці, у 2016 годзе суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў экстрэмісцкай кнігу «Столпы ислама и веры», а суд Цэнтральнага раёна — выданне «Православным о православии. Популярное богословие, или богословие для чайников».

Цікава, што ў тым жа годзе суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў экстрэмісцкім відэафайл «Украина Широкино Каратели батальона Азов распяли ополченца Донбасса на кресте» (вядомы тагачасны фейк крамлёўскай прапаганды).

Але ж асноўная маса рашэнняў аб «экстрэмізме» — з 2021 года. Адгэтуль, па версіі сілавікоў і суддзяў, такім з'яўляецца ўсё, што звязана з пратэстнай дзейнасцю і інфармаваннем аб сучасных палітычных рэпрэсіях — чаты і каналы інфармацыйных рэсурсаў.

Напрыклад, суд Чыгуначнага раёна Гомеля ў 2021 годзе абвясціў экстрэмісцкімі матэрыяламі Тэлеграм-чат «Водители 97», ТГ-каналы «Каратели Беларуси», «Мая краіна Беларусь», «BYPOL», «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі», «Флагшток» і іншыя, а таксама шматлікія рэгіянальныя чаты.

Гэты ж суд абвясціў экстрэмісцкім тэлеканал «Белсат» з усімі яго старонкамі ў сацсетках.

У студзені 2022 года той жа суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі групу «Протестная Россия — Общероссийский оппозиционный чат».

У жніўні 2022 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля абвясціў экстрэмісцкай інфармацыйную прадукцыю музычнага калектыва ТОR ВАND, ягоныя старонкі і песні.

Той жа суд у лістападзе 2022 года прызнаў экстрэмісцкай песню «Батько наш — Бандера, Україна — мати».

Адно з апошніх на дадзены момант рашэнняў — суду Чыгуначнага раёна Гомеля ад 23 лістапада 2022 года — аб прызнанні «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнта YouTube- і Telegram-каналаў украінскага блогера BalaganOFF (Аляксандр Рыкаў).