Рэпрэсіі на Гомельшчыне: у Мазыры затрыманыя работнік НПЗ і музыка, у абласным цэнтры — кіроўца

| Палітыка

Праваабаронцам стала вядома пра чарговыя затрыманні ў апошнія дні ў Гомельскай вобласці ў межах палітычна матываваных крымінальных спраў. Адзін з рэпрэсаваных — кіроўца прадпрыемства «Гомельшкло» Міхаіл Касякоў. У праўладных пабліках з'явілася відэа затрымання Міхаіла, дзе сам мужчына распавядае, што нібыта выклаў у «Аднакласніках» фота Лукашэнкі ў «непрыстойнай форме». А ў праўладным пабліку мужчыну абвінавацілі яшчэ і ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляе «Гомельская вясна».



Міхаіл Касякоў


Тым часам у Мазыры — два новых затрыманні. Пра аднаго з мужчын вядома, што ён — 1995 года нараджэння, працуе на мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе. У «пакаянным» відэа ў адным з праўладных каналаў прызнаецца, што «хадзіў на мітынгі» і «фатаграфаваў ваенную тэхніку». Затрыманы сказаў, што ў 2020 годзе «адпачываў з сябрамі, выпіваў і хадзіў на мітынгі», а ў 2022 годзе — «фатаграфаваў і здымаў відэа вайсковых калон і адпраўляў у розныя тэлеграм-каналы».

Таксама стала вядома пра затрыманне музыкі, якога, меркавана, завуць Арцём Савіцкі. Менскі ГУБАЗіК затрымаў яго ў вёсцы Козенкі, а пасля павёз на ператрус у кватэру ў Мазыры. У «пакаянным» відэа ён прызнаецца, што «удзельнічаў у пратэстах». Гэта не першы ператрус у Савіцкага, удакладняе «Палеская вясна». 20 студзеня 2021 года ў Мазыры прайшлі ператрусы ў двух сем’ях у межах праверкі ў крымінальнай справе. Пры гэтым у аднаго з жыхароў горада — Арцёма Савіцкага — міліцыянты забралі сярод іншага і флэш-картку ад фотаапарату. Саміх гаспадароў кватэраў затрымалі. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі некалькі здымкаў, на якіх група людзей сфатаграфаваная ў лесе ў заказніку «Мазырскія яры» з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам, а таксама плакатам з надпісам «Жыве Беларусь!» Гэта расцанілі як пікетаванне і ўсіх удзельнікаў асудзілі да адміністрацыйных штрафаў.

У сакавіку гэтага года ў Мазыры было затрымана не менш за 33 чалавекі, большасць — па адміністрацыйным артыкуле 19.11 за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Гаворка ішла пра падпіску на нелаяльныя тэлеграм-каналы, адзначаюць праваабаронцы.