Пад Бахмутам загінуў вагнэравец з беларускага Брагіна

| Палітыка

У баях пад Бахмутам ва Украіне загінуў нарадзінец Беларусі Аляксей Цішкевіч з Брагіну Гомельскай вобласці. На гэтым тыдні бацька пахаваў яго. Карэспандэнты «Белсату» высветлілі падрабязнасці. Імаверна, што родзічам паведамілі няпраўду пра дзень і месца гібелі.



Аляксей Цішкевіч з Брагіна пайшоў з турмы на чужую вайну забіваць людзей. Але забіты сам. Фота з асабістай старонкі ў сацсетках: 553366568977 / ОK.RU


Аб гібелі ва Украіне беларуса, які ваяваў у ЧВК «Вагнэр» «Белсату» стала вядома з уласных крыніц. Ім аказаўся 30-гадовы Аляксей Цішкевіч з гарадскога пасёлку Брагін у Гомельскай вобласці.

Па першапачатковай інфармацыі, беларус быццам бы загінуў 1 студзеня падчас удару ЗСУ па месцы дыслакацыі мабілізаваных у расейскае войска ў Макееўцы.

Аднак, з крыніц, блізкіх да сям’і, удалося высветліць, што Цішкевіч загінуў 26 лістапада 2022 года ў баях пад Бахмутам. Прычынай гібелі стала стрэляна-аскепкавае раненне. «Верагодна, загінуў ад трапляння ракеты», — выказалася адна з крыніц у размове з карэспандэнтамі.

Аб гібелі мужчыны яго родным паведамілі толькі 3 студзеня 2023. Бацька Аляксея ездзіў самастойна ў Варонеж, каб забраць цынкавую труну з целам загінулага. 8 студзеня нябожчыка пахавалі ў вёсцы Вуглы Брагінскага раёну, на радзіме бабулі.

Паводле крыніцаў тэлеканалу, труну сям’я не ўскрывала і цела ніхто з родных і блізкіх не апазнаваў, бо з моманту гібелі «прайшло шмат часу». У Варонежы бацька загінулага атрымаў даведку аб смерці, у якой апісаны прычыны і месца смерці.

Аднак ёсць тлумачэнне разыходжанню даты смерці ў афіцыйнай даведцы, якую выдалі сям’і, з першапачатковай інфармацыяй аб гібелі Цішкевіча, якую атрымаў тэлеканал. Гэта, імаверна, звязана з жаданнем расейскага боку схаваць рэальныя маштабы стратаў у Макееўцы. Па звестках ЗСУ, у выніку сканцэнтраванага ўдару 1 студзеня 2023 года загінулі чатырыста расейскіх акупантаў і яшчэ трыста параненыя.

«Яны хочуць схаваць маштабы катастрофы, што здарылася ў іх у Макееўцы ў ноч на 1 студзеня. Таму яны хаваюць гэтую інфармацыю і прыдумляюць нейкія іншыя даты смерці. Наогул, там шмат каго, наколькі мне вядома, лічаць зніклымі без звестак. І гэта ўсё — механізмы схаваць сапраўдны маштаб таго, што здарылася», — мяркуе народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка.



Аляксей Цішкевіч насіў на сэрцы татуіроўку з квадратам Сварога, знакам расейскіх паганцаў і нацыяналістаў. Фота з асабістай старонкі ў сацсетках: 553366568977 / ОK.RU

Аднак няма дакладнай інфармацыі, якім чынам Аляксей Цішкевіч апынуўся ў падраздзяленнях ЧВК паб Бахмутам. Па непацверджанай інфармацыі, ён патрапіў у наёмнікі з калоніі, дзе павінен быў адбыць 15 гадоў зняволення паводле «наркатычнага» артыкулу.

Вядома, таксама што Аляксей двойчы судзімы ў Беларусі за кватэрныя крадзяжы. Першы тэрмін атрымаў адразу пасля заканчэння школы, у 2008 годзе, другі тэрмін — у 2010 годзе.

На фотаздымку, які Аляксей размясціў у 2019 годзе сацыяльных сетках, бачна татуіроўка ў раёне сэрца з выяваў так званай «зоркі Русі». Такую выяву яшчэ называюць «квадрат Сварога» — гэта свастыкападобны знак, якім у Расеі сябе пазначаюць аматары паганства і ўдзельнікі нацыяналістычнага руху «Паўночнае братэрства». Аднак іншых пацверджанняў на магчымую сувязь з расейскімі нацыяналістамі не знойдзена.



Аляксей Цішкевіч быў прыхільнікам дзейснага палітычнага рэжыму ў Беларусі . Фота з асабістай старонкі ў сацсетках: 553366568977 / ОK.RU

На яшчэ адной фатаграфіі Аляксей пазіруе з чырвона-зялёнай стужкай, сімвалам прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Карэспандэнты «Белсату», выдаўшы сябе за сяброў сям’і загінулага, таксама паспрабавалі высветліць у прадстаўніка міністэрства абароны Беларусі, ці магчыма сям’і атрымаць грашовую кампенсацыю ці дапамогу. Прадстаўнік мінабароны адзначыў, што «уся гэтая гісторыя не мае дачынення да міністэрства абароны Беларусі», але параіў звяртацца непасрэдна ў ЧВК «Вагнэр», падкрэсліўшы, што дае параду як прыватная асоба.

Звязацца з ЧВК на момант публікацыі не ўдалося. Аднак раней з запытам аб тым, на якую дапамогу могуць разлічваць сваякі загінулых вагнераўцаў», да Яўгена Прыгожына, кіраўніка наймітаў, звярталася выданне «Бел.Ру» з Белгарадской вобласці Расеі.

«Як нам адказаў заснавальнік «Вагнера» Яўген Прыгожын, ЧВК не знаходзіцца ў якім-небудзь статусе, таму льгот і падтрымкі ад дзяржавы для байцоў і іх семʼяў на дадзены момант няма. Аднак ён зазначыў, што пасля прыняцця адпаведнага закона праблему, магчыма, удасца вырашыць», — расказвае выданне.

На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу не вядома, ці здзейсніў Аляксей Цішкевіч з гарадскога пасёлку Брагін вайсковыя злачынствы ў Бахмуце.

На адным з сайтаў, які адносяць да сеткі медыяў ЧВК «Вагнер», у адкрытую ўказваецца, што кантракты на ўдзел у так званай спецыяльнай вайсковай аперацыі на баку Расеі (у вайне супраць Украіны) заключаюцца не толькі з грамадзянамі РФ, а таксама грамадзянамі Казахстану, Узбекістану, Кіргізстану, Беларусі, Азербайджану, Арменіі і Малдовы.

Пры гэтым, у Беларусі прадугледжана крымінальная адказнасць за ўдзел грамадзянаў РБ ва ўзброеных фармаванняў іншых краінаў.


Антон Тачняк/ Руслан Ігнатовіч belsat.eu

В Гомельской области значительно расширили список мест, где запрещены пикеты по сбору подписей

| Палітыка | 0

Список мест, запрещенных на проведения пикетов по сбору подписей для выдвижения кандидатов в президенты Беларуси, существенно увеличился в городах Гомельской области по сравнению с выборами 2020 года.