«Вялікі акт у жыцці народу здзейсніўся: Беларусь абвешчана незалежнай». Ураджэнцы Гомельшчыны, якія змагаліся за «Дзень Волі»

| Гісторыя

Больш за 100 гадоў таму беларускія нацыянальныя дзеячы паспрабавалі стварыць сваю незалежную дзяржаву. 21 лютага 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, а 25 сакавіка  Рада БНР прызнала яе незалежнасць.

Гэтая падзея ў нашай гісторыі знакавая. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні часу (нямецкая акупацыя тэрыторыі Беларусі, барацьба інтарэсаў на нашай зямлі паміж бальшавікамі і палякамі, сацыяльна-эканамічныя хваляванні і інш.) нашыя продкі змаглі знайсці рашучасць, каб заявіць усяму свету, што беларусы хочуць жыць у сваёй вольнай краіне. Таму мільёны беларусаў па ўсім свеце святкуюць 25 сакавіка «Дзень волі».

Да дзейнасці БНР спрычыніліся і ўраджэнцы Гомельшчыны. Флагшток нагадвае іх імёны.


Палута Бадунова злева

Палута Бадунова — настаўніца, эсэрка, першая і адзіная жанчына ў пачатковым урадзе БНР. Нарадзілася ў Новай Беліцы ў 1885 годзе. Жанчына перажыла складаны лёс: за сваю дзейнасць пераследавалася польскімі і савецкімі ўладамі. Была вымушаная жыць у эміграцыі ў Вільні і Празе. У 1926 годзе вярнулася ў Менск пасля бальшавіцкай амністыі дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, а ў 1930-х гг. пераехала ў Гомель.

Сталінскі рэжым жорстка абышоўся з Бадуновай за яе палітычныя погляды і дзейнасць на карысць БНР. У 1937 годзе яна была арыштаваная. А 29 лістапада 1938 года жанчыну расстралялі ў вязніцы Менску.


Вуліца Дзімітрава ў Навабеліцы, дзе знаходзіўся дом, у якім жыла Палута Бадунова

Актывісты неаднойчы прасілі гомельскія ўлады ўшанаваць памяць аб сваёй вядомай зямлячцы: прапаноўвалася ўсталяваць Бадуновай памятную шыльду ў горадзе, назваць адну з вуліц яе імем. Але ўсе звароты да чыноўнікаў засталіся не пачутыя. Ідэолагі ставілі крыж на любой падобнай ініцыятыве, бо дзяячка беларускага нацыянальнага руху зусім не ўпісвалася ў аднабокую схему бачання ўладамі беларускай гісторыі.


Мітрафан Доўнар-Запольскі

«Лёсы кінутыя! Вялікі акт у жыцці нашага народу здзейсніўся: Беларусь абвешчана сваім часовым урадам незалежнай рэспублікай. У кожнага беларуса пры гэтай вестцы радасна заб’ецца сэрца!» — такімі словамі вітаў абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ўраджэнец Рэчыцы Мітрафан Доўнар-Запольскі.

Доўнар-Запольскі вядомы беларускі этнограф і фалькларыст, літаратуразнаўца і гісторык, эканаміст і прадпрымальнік. Удзельнічаў у працы дыпламатычнай місіі БНР у Кіеве. У стасунках з Украінай узяў на сябе абавязак абгрунтавання дзяржаўных межаў БНР.

Склаў «Асновы беларускай дзяржаўнасці» — дакумент-зварот да міжнароднай грамадскасці, які ўтрымліваў абгрунтаванне неабходнасці стварэння незалежнай беларускай дзяржавы.


Вуліца ў Кіеве, названая ў гонар Доўнара-Запольскага

Памяць аб Мітрафане ўшанаваная ў Рэчыцы, дзе яму ўсталявалі помнік. У Кіеве яго імем названа вуліца.



Яўсей Канчар

Яўсей Канчар — гісторык, навуковец у галіне палітычнай геаграфіі. Ураджэнец вёскі Сяўкі Лоеўскага раёна, пражыў доўгае жыццё і памёр на радзіме ў 1979 годзе.

Яўсей Канчар не быў дзеячам Беларускай Народнай Рэспублікі, але здзейсніў вялікую працу для падрыхтоўкі Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года — маштабны сход беларусаў, на якім было абвешчана права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўраду. Гэты вялікі форум тады разагналі бальшавікі. Нягледзячы на гэта, менавіта Усебеларускі з'езд стаў перадумовай для абвяшчэння ў будучыні Беларускай Народнай Рэспублікі.


Флагшток

«Не гарманіравала з прыгожымі будынкамі на цэнтральнай плошчы». Як гомельскія ўлады зносілі пажарную каланчу аўтарства Шабунеўскага

| Гісторыя | 0

Публікуем працяг матэрыялу аб будынку аўтарства архітэктара — пажарнай каланчы. Артыкул падрыхтаваны паводле матэрыялаў гомельскіх краязнаўцаў.

Будынак, які калісьці ўпрыгожваў цэнтр Гомеля. Сёлета пажарнаму дэпо Шабунеўскага 110 год

| Гісторыя | 0

Пабудова была скончана, відаць, ужо ў цяжкі час Першай сусветнай. Аб гэтым гаворыць тое, што адметная каланча ні разу не патрапіла на дарэвалюцыйныя паштоўку ці фотаздымкі. Было не да таго. У наступным матэрыяле мы распавядзем, чаму савецкія архітэктары пастанавілі знішчыць будынак.

Краязнаўцы знайшлі невядомую інфармацыю пра таямнічы прывід у вёсцы Грабаўка Гомельскага раёна

| Гісторыя

Краязнаўцы з супольнасці Пошукі старога Гомеля з'ездзілі ў вёску Грабаўка Гомельская раёну, якая вядомая містычнай зʼявай – у мясцовай школе быццам бы неаднойчы бачылі прывід паненкі Ядвігі.