«Кіраўнік калгаса прыскакаў ды разагнаў удзельніц шэсця бізуном». Як на Гомельшчыне адраджаецца старажытны абрад

| Гісторыя

На другі дзень пасля Вялікадня ў вёсках Гадзічава ды Маркавічы Гомельскага раёна праводзяць абрад «Ваджэнне Сулы». Адроджаны ў 2007 годзе абрад традыцыйна збірае вялікую колькасць моладдзі, якая не дае традыцыям продкаў згаснуць назаўжды.


Штогадовае правядзенне «Ваджэння Сулы» было перапынена ў 1967 г. мясцовай уладай. Паводле падання, кіраўнік калгаса асабіста прыскакаў на кані ды разагнаў удзельніц шэсця бізуном. Пасля гэтага публічна абрад не праводзіўся — ахвотныя працягваць традыцыю збіраліся каля хат, спявалі песні, але паўнавартасна не маглі працягваць існаванне старажытнага звычая.


Сіламі краязнаўцаў, мясцовых аматараў беларускай культуры ды настаўнікаў і кіраўнікоў Маркавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы абрад быў адноўлены ў 2007 г. і з тых часоў адбываецца штогод.

На другі дзень пасля Вялікадня вяскоўцы збіраюцца пасля багаслужэння ў Свята-Кацярынінскай царкве напрыканцы вёскі ў полі ды пачынаюць вадзіць карагоды ды спяваць песні. Такім чынам спрабуюць забяспечыць добры ўраджай у будучыні і аберагчы яго ад маланак ды іншых прыродных стыхій.


Акрамя клопату аб ураджаі ўдзельнікі ды ўдзельніцы абрада вялікую ўвагу надаюць маладым ды незамужнім дзяўчаткам. Усім гуртом іх падкідваюць у паветра, каб яны былі здаровыя ды знайшлі сабе добрых мужэй у будучыні.

Пасля гэтага йдуць па вёсках, прычым Сула ў разуменні вяскоўцаў азначае як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў. На перакрыжаваннях абавязкова заводзяць танок — адмысловыя спевы ды карагоды з паўторам абрадавых момантаў.


Сканчаецца абрад звычайна больш афіцыйнай культурнай часткай каля мясцовага клуба, дзе можна знайсці пачастункі, патанчыць ды паслухаць спевы ў выкананні дзіцячых ды дарослых фальклорных калектываў.


Абрад «Ваджэння Сулы» ў вёсках Гадзічава ды Маркавічы — прыклад таго, як высілкамі рупліўцаў можна аднавіць амаль забыты абрад ды надаць яму неабходную дынаміку. Мясцовыя педагогі рыхтуюць дзетак да Сулы, распавядаюць значэнне ды абрадавыя элементы, развучваюць спевы ды танцы. Завітваюць на яскравае свята нават госці з Гомелю.


Дар'я Галаганава, студэнтка Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага распавядае:

«Мае продкі так хадзілі, кругі вадзілі, Стралу пускалі і мне таксама вельмі прыемна прымаць удзел у гэтым абрадзе».



Мясцовыя энтузіясты за апошні год адшукалі архіўныя аўдыёзапісы некаторых песень, што выконваліся падчас абрада. Дзякуючы гэтаму ўдалося не толькі ўдасканаліць тэксты спеваў, але і лепей зразумець сэнс, які, магчыма, укладалі нашыя продкі ў свае дзеянні. Так, раней лічылася, што ў «Ваджэнні Сулы» знітаваліся ў адно язычніцкія ды хрысціянскія элементы клопату аб добрым ураджаі ды паспяховым шлюбе для дзяўчат. Аднак пасля аналізу новых крыніц становіцца зразумела, што “Сула” магла адзначаць і сабой і іншы старажытны звычай нашых продкаў — выкраданне нявестаў.


Віктар Шыпкоў, краязнаўца, адраджальнік абрада, гарманіст і жыхар в. Маркавічы: 

«У гэтым годзе асабліва парадавала нас тое, што нам насустрач выйшла адна з найстарэйшых жыхарак в. Гадзічава. Яна не толькі сустрэла нас у традыцыйным строі з паскаю ды яйкамі на рушніку, але і прыняла ўдзел у нашым карагодзе. Гэта кранула ўсіх за душу і гэта надае моцы ды энэргіі дзейнічаць і надалей, паказвае, што мы рухаемся ў слушным кірунку.

На бліжэйшы год мы плануем зрабіць якасныя запісы аўтэнтычных песень з удзелам прафесійных выканаўцаў, каб усе ахвотныя маглі хаця б такім шляхам паслухаць нашыя традыцыйныя спевы ды дакрануцца да абраду».



Няспынная праца па адраджэнні і правядзенні абрада была адзначаная і на дзяржаўным узроўні. «Ваджэнне Сулы»” ўнеслі ў 2019 годзе ў спіс Нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Гомельскай вобласці, якая уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.


Яўген Мерлін,
Флагшток



Байки от прокуратуры: немцы десантировали диверсантов-смертников после освобождения Гомеля, чтобы уничтожить следы геноцида

| Гісторыя

Беларусские прокуроры выдвинули новое «доказательство» того, что в Ченковском лесу (историческое название — Щёкотовский лес) расстреливали мирных жителей исключительно немцы.

Таямніцы заступніцы Палесся: стала вядома, што арыгінал Юравіцкага абраза з Гомельшчыны — не ў кракаўскім касцёле

| Гісторыя

Гомельскія вернікі прыбылі ў касцёл святой Барбары для малітвы аб спыненні вайсковай агрэсіі ля сапраўднага цудадзейнага абраза — аказалася, што яго там няма.

Як выглядалі сустрэчы на Партызанскай Крынічцы 50 год назад і сёння

| Гісторыя

Флагшток знайшоў старую стужку, дзе зафіксаваная сустрэча партызанаў каля помніка Партызанская Крынічка ў лесе каля Новабеліцы. Адсканаваўшы чорна белую стужку, мы пабачылі сціплае мерапрыемства і жывых сведкаў Другой сусветнай. Зараз жа мы прапануем паглядзець на ўнікальныя здымкі, і параўнаць іх з сённяшнім «пераадкрыццём» помніка.

Як да вайны Чарнігаў стаў адным з найлепшых гарадоў Украіны і абышоў шматлікія гарады Беларусі

| Гісторыя

Раней Чарнігаў быў вядомы беларусам, як месца аднадзённага шопінгу, дзе можна закупіцца цукеркамі і гарэлкай. Але да вайны горад моцна змяніўся, а па сваім добраўпарадкаванні абышоў шматлікія гарады Беларусі.

Амаль як сто гадоў таму. Працяг віртуальнай прагулкі па зруйнаванай вуліцы Мільённай

| Гісторыя

Усе абъекты, якія прадстаўлены ніжэй перажылі Другую сусветную вайну, але былі знесеныя ў канцы 1970-х, абы нішто не замінала глядзець на будынак Абласнога камітэта Камуністычнай партыі. Пашанцавала толькі аднаму.